Дзмітрый Лобан: “Адваяваць медаль у расіян было цяжка”
У алімпійскім прэс-цэнтры прадстаўніцтва Нацыянальнага Алімпійскага камітэта ў Брэсцкай вобласці ўшаноўвалі бронзавага прызёра Х зімовых Паралімпійскіх гульняў у Ванкуверы Дзмітрыя Лобана. Спартсмена і яго трэнера Юрыя Буранава з перамогай павіншавалі старшыня прадстаўніцтва Леанід Цупрык і выканаўчы дырэктар Алена Белаканенка, начальнік упраўлення фізічнай культуры, спорту і турызму Брэсцкага аблвыканкама Мікалай Хевук, спартсмены фізкультурна-спартыўнага клуба інва-лідаў “Шанц” і кіраўнік клуба Валянціна Піпко.
“Гэта было нялёгка, – прызнаецца Дзмітрый. – І маральна, і фізічна. Але я падышоў да спаборніцтваў у добрай спартыўнай форме і разлічваў, калі шчыра, на перамогу на 15-кіламетровай дыстанцыі. Медаль у гонцы на 10 кіламетраў стала нечаканасцю, таму не менш прыемнай. Адваяваць яе ў расійскіх спартсменаў, было, паверце, цяжка…”
Вынікі на апошняй Паралімпіядзе былі даволі шчыльнымі. Лыжнік са зборнай Украіны, які заняў чацвёртае месца, прайграў Дзмітрыю Лобану ўсяго паўсекунды. На фінішы беларускі спартсмен паказаў вынік 28.25.1 хвіліны, лепшымі былі толькі трыумфатар лыжных гонак расіянін Ірэк Зарыпаў і італьянец Энцо Масьелла.
Дзмітрый Лобан родам з вёскі Ганчары Ляхавіцкага раёна. Яму 29 гадоў, 7 з іх – інвалід. Да самых важных стартаў чатырохгоддзя малады спартсмен напружана рыхтаваўся 3 гады пад кіраўніцтвам вопытнага трэнера Юрыя Буранава. На прафесійным узроўні засвойваць такую дысцыпліну як лыжныя гонкі для спартсменаў з парушэннем апорна-рухальнага апарату Дзмітрый пачаў з 2007 года. Вялікія намаганні, сіла волі, штодзённыя трэніроўкі і дапамога трэнера хутка далі вынікі. У 2009 годзе Дзмітрый двойчы быў трэцім на этапах Кубка свету ў Канадзе. У 2010 годзе выйграў этап Кубка свету ў Францыі. Па выніках усіх спаборніцтваў стаў уладальнікам “Хрустальнага кубка”.
Дзмітрый Лобан і яго трэнер Юрый Буранаў атрымалі заслужаныя ўзнагароды ад прадстаўніцтва НАК Беларусі ў Брэсцкай вобласці, падарункі і грашовыя прэміі ад упраўлення фізічнай культуры, спорту і турызму аблвыканкама. Сярод падарункаў – лыжы і лыжаролеры, якія дазволяць спартсмену трэніравацца ўвесь год.
“Я маю цвёрды намер паехаць на Паралімпіяду ў Сочы. У нас ужо ёсць план падрыхтоўкі і правядзення трэніровак. Канешне, спадзяюся паказаць праз 4 гады высокі вынік”, – адзначыў спартсмен. Да таго ж у хуткім часе Дзмітрый Лобан будзе спрабаваць свае сілы і ў біятлоне.
Ірына АЛЬШОВА, прэс-аташэ прадстаўніцтва НАК Беларусі ў Брэсцкай вобласці.