Газета «Ляхавіцкі веснік» стала пераможцай прэстыжнага конкурсу, які праводзіць Міністэрства эканомікі Рэспублікі Беларусь

Прадмет і сутнасць конкурсу вынікаюць з яго назвы: «Лепшае асвятленне і прапаганда ў сродках масавай інфармацыі прадпрымальніцкай дзейнасці». На прэстыжнасць конкурсу, які ў 2012 годзе праходзіў ужо сёмы раз, указваў яго рэспубліканскі статус, а таксама той факт, што прыняць удзел у конкурсе палічылі патрэбным асобныя цэнтральныя і многія дзясяткі рэгіянальных СМІ краіны — і электронныя, і друкаваныя. Як заўважыў падчас цырымоніі ўзнагароджвання пераможцаў старшыня журы конкурсу дырэктар дэпартамента па прадпрымальніцтве Міністэрства эканомікі Рэспублікі Беларусь Аляксандр Груздоў, стаяла задача з прыкладна сотні ўдзельнікаў вызначыць нямногіх лепшых.
Прыемна, што пераможцам у намінацыі «Прадпрымальніцтва ў малых гарадах і сельскіх населеных пунктах» у катэгорыі раённых перыядычных выданняў стаў «Ляхавіцкі веснік». У якасці ўзнагароды — Ганаровая грамата Міністэрства эканомікі Рэспублікі Беларусь і матэрыяльны «давесак» у выглядзе капіравальна-размнажальнага апарата.
Дарэчы сказаць, раней газета двойчы ўжо была ў ліку лаўрэатаў падобнага конкурсу. Адзначалася за актыўнасць, рэгулярнасць асвятлення пытанняў прадпрымальніцтва, актуальнасць тэм і дакладнасць прыведзеных у выступленнях фактаў. Аднак, перамога здарылася толькі зараз, чаму, безумоўна, мы вельмі рады.
Іван КАВАЛЕНКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *